БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА МЕ́НШЧЫНЫ,
культурна-асветная ўстанова ў 1919—20. Засн. 30.8.1919 у Мінску на базе школьнай камісіі Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. Дзейнічала ва ўмовах польск. акупацыі. У прэзідыум рады ўваходзілі С.Рак-Міхайлоўскі (старшыня), У.Ігнатоўскі (нам. старшыні), Я.Шнаркевіч (сакратар), А.Смоліч, А.Данілевіч, Ч.Родзевіч, П.Дземідовіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. навуч. устаноў Мінскай губ., стварала бел. школы і культ.-асв. гурткі, павятовыя і валасныя бел. школьныя рады, арганізавала ў Мінску і Слуцку бел. настаўніцкія курсы, стварыла камісію, якая склала і выдала навуч. праграму для малодшых класаў бел. школ, выдавала бел. падручнікі і дапаможнікі для школ. Стала асновай для стварэння Цэнтральнай беларускай шкальнай рады. Спыніла дзейнасць у ліп. 1920 з прыходам Чырв. Арміі.
У.В.Ляхоўскі.
т. 2, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)